ХАПЁРСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

У Варонежскай вобл., Расія, у паўд.-ўсх. ч. Окска-Данской раўніны, у даліне р. Хапёр. Засн. ў 1935 для вывучэння і аховы тыповага, эталоннага комплексу поймавай прыроды. Пл. 16,2 тыс. га. Правабярэжная ч. — плато з лагчынамі, ярамі і раўнінная пойма, левабярэжная — слабахвалістая надпоймавая тэраса. Глебы пераважна чарназёмныя. Каля 300 азёр. Лясы займаюць каля 80% тэр., пераважна поймавыя і нагорныя 80—100-гадовыя дубровы, чорнаалешнікі, асіннікі, невял. ўчасткі стэпаў і лугоў. У флоры 1019 відаў раслін, у т. л. 23 дрэвавых, 49 хмызняковых, больш за 700 травяністых, 109 водных (рэлікты — сальвінія плывучая, вадзяны арэх чылім, наяда марская, вольфія бескаранёвая). У фауне 312 відаў пазваночных жывёл, у т. л. 49 млекакормячых (лось, дзік, казуля, воўк, ліс, барсук, акліматызаваны плямісты алень). У Чырв. кнізе — хахуля. Птушак 215 відаў, у Чырв. кнізе — арлан-белахвост, сапсан, скапа і інш.

т. 16, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)